КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,

хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл. Кварцавае шкло).

К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)